Кнігадрукаванне на нацыянальнай мове пашырылася дзякуючы намаганням не толькі Францыска Скарыны, але і прадаўжальнікаў яго справы Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага.
Яркі беларускі дзеяч Рэфармацыі Сымон Будны (каля 1530—1593) — бліскучы пісьменнік, таленавіты філолаг, вядомы філосаф і багаслоў. У юнацтве авалодаў некалькімі мовамі (царкоўнаславянскай, беларускай, польскай, грэчаскай, лацінскай, старажытнаяўрэйскай). Свой талент і схільнасць да навук прысвяціў спасціжэнню глыбінь тэалогіі, чым набыў агульнаеўрапейскую вядомасць.
Сымон Будны таксама знакаміты як крытык і перакладчык. На старонках яго твораў разглядаліся працы папярэднікаў і сучаснікаў. Аўтар палымяна спрачаўся, пераконваў, абвяргаў. Нярэдка звяртаўся да гістарычных паралеляў, суправаджаў свае паведамленні каментарыямі, выкарыстоўваў прымаўкі і афарызмы.
На пачатку лета 1562 года ў Нясвіжскай пратэстанцкай друкарні, якая належала пану Мацвею Кавячынскаму, пры падтрымцы Мікалая Радзівіла Чорнага з’явілася першая на тэрыторыі Беларусі кніга «Катэхізіс, або Навука старадаўняя хрысціянская ад Святога Пісьма, для простых людзей мовы беларускай у пытаннях і адказах сабраная». «Катэхізіс» адрасаваны «простым людем» і дзецям «языка руского» — гэта адначасова дагматычна-багаслоўская праца, чытанка і падручнік.
Катэхізіс —форма падачы матэрыялу ў пытаннях і адказах.Кніга была з густам аздоблена, мела салідны аб’ём — больш за 500 старонак. Парадак раздзелаў кнігі знешне паўтараў вядомы «Вялікі Катэхізіс» 1529 года Марціна Лютэра.
Праз тры месяцы выйшаў новы твор на старабеларускай мове «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам», але, на жаль, не захавалася ніводнага яго экзэмпляра.
Кнігі Сымона Буднага, выдадзеныя ў Нясвіжы і Лоску («Катэхізіс», Нясвіж, 1562; «Аб дзвюх прыродах Хрыста», Лоск, 1574), былі папулярныя ў краінах Заходняй Еўропы.
Найбольш поўна Сымон Будны выявіўся як пісьменнік-публіцыст. Творчасць яго мела выразную гуманістычную і сацыяльную скіраванасць, а галоўнае месца адводзілася этычнай ...
Читать далее